АРТЫ́КУЛЫ ВАЙСКО́ВЫЯ

(гетманскія),

вайсковыя законы, пастановы і распараджэнні, якія дзейнічалі ў ВКЛ у 16—18 ст. Зацвярджаліся соймам або асабіста гетманамі. Былі першымі дысцыплінарнымі і баявымі статутамі арміі, а таксама зборнікамі вайскова-крымінальнага права. У артыкулах і інш. юрыд. актах пра вайск. службу вызначаўся парадак камплектавання, размяшчэння, забеспячэння і падпарадкавання арміі. Першая спроба кадыфікаваць нормы вайск. права Беларусі зроблена пры складанні Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. У 1754 у Нясвіжы зроблена першае сістэматызаванае выданне актаў па вайск. праве Беларусі.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)